Публикации

Рабочы рух на Беларусі другой палове XIX – пачатку XIX стст.

 Рабочы рух на Беларусі другой палове XIX – пачатку XIX стст.: 1)Рабочы рух у 60— 90-ых гадах XIXст. 2)Рабочы рух у пачатку XXст. Палітычны ўздым. 

ПЛАН

  • Рабочы рух у 60— 90-ых гадах XIXст.
  • Рабочы рух у пачатку XXст. Палітычны ўздым.

Літаратура

Рабочы рух у 60— 90-ых гадах XIXст.

Пасля рэформы 1861 г. на Беларусі значна паскорыўся працэс фарміравання класа наёмных рабочых. Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх губерняў: адсутнасць буйных і перавага дробных рамесніцкіх прадпрыемстваў з невялікай колькасцю працуючых на іх рабочых, сялянскае малазямелле і мноства яўрэйскай беднаты ў горадзе — стваралі лішак рабочай сілы і пашыралі магчымасці эксплуатацыі пралетарыяту. Заработная плата беларускіх рабочых у параўнанні з агульнарасійскім паказчыкам у канцы XIX — пачатку XX ст. была амаль на 1/3 ніжэй[1].

У першае парэформеннае дзесяцігоддзе эксплуатацыя рабочых у Расіі нікім і ніяк не абмяжоўвалася. У пагоні за максімальным прыбыткам капіталісты не жадалі траціцца на забеспячэнне нармальных умоў працы. Працяглы рабочы дзень— да 17–19 гадзін у суткі — у нездаровых, антысанітарных умовах ушчэнт знясільваў чалавека, тым больш — жанчын, дзяцей. Мізэрная заработная плата не забяспечвала мінімальных жыццёвых патрэб. У дадатак з яе вылічваліся адвольныя штрафы, якія папаўнялі кішэні фабрыкантаў і заводчыкаў. Прадпрымальнікі і іх адміністратары часта зусім не лічыліся з чалавечай годнасцю рабочых і работніц, маглі ў любы час прагнаць іх з работы. Хворым або пакалечаным рабочым не аказвалася медыцынская дапамога, іх звальнялі[2].

Прыгнёт з боку капіталістаў выклікаў супраціўленне рабочых. Спачатку гэта былі стыхійныя хваляванні ў формге групавых уцёкаў з месца працы, калектыўных скаргаў і г. д. Нярэдка хваляванні суправаджаліся разгромам абсталявання, заводскіх будынкаў, лавак, кантор, а то і забойствам упраўляючых. У 70-я гады асноўнай формай пратэсту рабочых стала стачка, а галоўным патрабаваннем — паляпшэнне ўмоў жыцця і працы рабочых, г. зн. павышэнне заработнай платы, скарачэнне працоўнага дня, змяншэнне штрафаў. У пачатку 80-х гадоў на рабочы рух Беларусі значны ўплыў аказалі масавыя забастоўкі пралетарыяту Польшчы.

Самым буйным атрадам пралетарыяту на Беларусі былі чыгуначнікі, а іх выступленні адрозніваліся большай арганізаванасцю і масавасцю. Такое выступленне адбылося ў 1864 г. на будаўніцтве чыгуначнай дарогі Вільня-Баранавічы, у 1876 г. баставалі рабочыя слясарна-кавальскіх майстэрняў Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, у 1886 і 1894 гг. — будаўнікі Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. Тым не менш выступленняў рабочых на Беларусі было няшмат. У 70-я гады іх зарэгістравана 7, у 80-я — 10. Толькі ў 90-х гадах пачаўся ўздым стачачнай барацьбы (адбылося 59 выступленняў, прычым 53 з іх у другой палове). Паступова рабочы рух набыў арганізаванасць і вылучыўся ў самастойную плынь[3].

Спыніць наступленне капіталу на жыццёвы ўзровень рабочых магло толькі іх арганізаванае супраціўленне. Рост рабочага руху ў буйных прамысловых цэнтрах краіны ў 70–80-ыя гады XIX ст. падштурхнуў царскі ўрад да ўвядзення некаторых абмежаванняў эксплуатацыі фабрычна-заводскіх рабочых. 1 чэрвеня 1882 г. быў выдадзены закон аб забароне на фабрыках, заводах і мануфактурах працы дзяцей да 12 гадоў. Закон абмяжоўваў працоўны дзень падлеткаў (12–15 гадоў) і вызваляў іх ад работы ў начны час і ў святочныя дні. У шкодных для здароўя вытворчасцях праца дзяцей і падлеткаў забаранялася. Для кантролю за выкананнем закона ўводзілася фабрычная інспекцыя. Законам ад 3 чэрвеня 1885 г. не дазвалялася начная праца жанчын і падлеткаў (да 17 гадоў) на тэкстыльных прадпрыемствах. Пасля вядомай Марозаўскай стачкі ў чэрвені 1886 г. быў выдадзены закон, які абавязваў увесці на прадпрыемствах разліковыя кніжкі. У іх фіксаваліся ўмовы найму. Мяняць апошнія да завяршэння тэрміну дагавору не дазвалялася. Забаранялася разлічвацца з рабочымі купонамі і таварамі. На фабрыках уводзіліся правілы ўнутранага распарадку. За іх парушэнні спаганяліся ўстаноўленыя штрафы, прычым штрафныя грошы ішлі не ў прыбытак капіталісту, а павінны былі расходавацца на патрэбы рабочых.

Пад уздзеяннем масавых рабочых стачак царскі ўрад 2 чэрвеня 1897 г. выдаў закон аб абмежаванні рабочага дня на фабрыках і заводах 11,5 гадзіны, а 2 чэрвеня 1903 г.— аб дапамозе рабочым, якія пацярпелі ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці. Першы з гэтых законаў, акрамя абмежавання рабочага дня, устанаўліваў абавязковыя нядзельныя і святочныя дні адпачынку (66 дзён на год).

Ва ўсіх адзначаных законах меліся, аднак, выключэнні, якія ў значнай меры абясцэньвалі іх значэнне для рабочых. Так, закон ад 2 чэрвеня 1897 г. не абмяжоўваў працягласць звышурочнай работы, што давала капіталістам магчымасць беспакарана парушаць яго. Фабрычная інспекцыя не атрымала дастатковых паўнамоцтваў для таго, каб прымусіць прадпрымальнікаў выконваць усе патрабаванні законаў. На дробную і рамесную прамысловасць адзначаныя законы (і нагляд фабрычнай інспекцыі) увогуле не распаўсюджваліся. Закон 1886 г. не датычыў казённых прадпрыемстваў.

Тым не менш урадавая рэгламентацыя фабрычна-заводскай працы істотна абмяжоўвала свавол капіталістаў і ў пэўнай меры ахоўвала інтарэсы рабочых, якія атрымалі пэўныя легальныя падставы для барацьбы за рэалізацыю сваіх патрабаванняў. Гэта садзейнічала далейшаму развіццю рабочага руху, росту яго арганізаванасці і класавай свядомасці[4].

Узаемаадносіны гаспадароў і рабочых у рамеснай прамысловасці рэгуляваліся цэхавай сістэмай, якая дзейнічала паводле законаў 1785 і 1852 г. Цэхі аб’ядноўвалі рамеснікаў адной прафесіі. Закон забараняў ад-крыццё майстэрань у гарадах без запісу іх уладальнікаў у адпаведны цэх і наяўнасці пасведчання рамеснай управы. Справамі асобных цэхаў кіравалі выбарныя цэхавыя ўправы, а ўсімі цэхамі ў маштабе горада — рамесныя ўправы, на ўтрыманне якіх з рамеснікаў збіраўся спецыяльны падатак. У кіраўніцтва траплялі толькі гаспадары. Рабочы дзень, па закону, павінен быў працягвацца з 6 гадзін раніцы да 6 гадзін вечара з паўгадзінным перапынкам для снедання і паўтарагадзінным для абеду. Але за гэтым ніхто не сачыў. Пры патуранні рамесных упраў рабочы дзень у майстэрнях доўжыўся звычайна 15–16, а нярэдка і 17–19 гадзін у суткі. Сярэдневяковая карпаратыўная сістэма арганізацыі рамяства не адпавядала нормам буржуазнага права, тармазіла развіццё капіталізму. Аднак у цэлым радзе гарадоў Беларусі яна дзейнічала аж да 1902–1903 гг[5].

Пратэст рабочых Расіі супраць бязмернай эксплуатацыі ў 60-ыя гады праяўляўся звычайна ў стыхійных хваляваннях — групавых уцёках з месцаў работы, калектыўных скаргах і г. д. Хваляванні нярэдка суправаджаліся разгромам фабрычных будынкаў, лавак, кантор, забойствам прыслужнікаў гаспадароў. На Беларусі вясною і летам 1864 г. адбываліся хваляванні рабочых-землякопаў на будаўніцтве Дзвінска-Віцебскай чыгункі ў Дрысенскім і Віцебскім паветах, у пачатку 70-ых гадоў — на будаўніцтве Лібава-Роменскай чыгункі ў Менскім павеце. У ліпені 1873 г. з Брэст-Літоўскай крэпасці ўцяклі 128 рабочых цагельнага завода. Разам з тым у другой палове 70 — пачатку 80-ых гадоў на Беларусі былі арганізаваны першыя стачкі рабочых з патрабаваннямі рэгулярнай выдачы заработнай платы, скарачэння рабочага дня. Усяго за 1864— 1884 гг. адбылося 9 хваляванняў і 6 стачак. У 6 хваляваннях удзельнічалі будаўнікі чыгунак, а ў 5 стачках — рабочыя чыгуначных майстэрань. Амаль усе стачкі, як і хваляванні, мелі абарончы характар.

У 1885–1894 гг. рабочы рух на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі, узняўся на больш высокі ўзровень. За гэты час ў Менску, Гомелі і Пінску адбыліся 22 стачкі. У двух выпадках адзначаны рабочыя хваляванні. Стачачны рух стаў галоўнай формай барацьбы рабочых за паляпшэнне" свайго эканамічнага становішча. Абсалютную болыпасць стачачшкаў, як і раней, складалі рабочыя чыгуначных майстэрань. Рабочы рух перамясціўся з сельскай мясцовасці ў горад.

У Менску ў канцы 80 — пачатку 90-ых гадоў пачаў разгортвацца рух рамесных рабочых за ўстанаўленне законнага 12-гадзіннага рабочага дня. 3 мэтай матэрыяльнай падтрымкі забастоўкі тут у кавальскаслясарных майстэрнях у 1885— 1887 гг. з узносаў рабочых была створана першая на Беларусі і ў Літве стачачная каса, якая ўяўляла сабою зародак прафесійнага саюза[6].

Рабочы рух у пачатку XXст. Палітычны ўздым.

Развіццё рабочага руху на Беларусі ў 1901 —1904 гг., як і ва ўсёй краіне, вызначаў пераход ад эканамічнай да палітычнай барацьбы. У 1901 г. рабочыя Беларусі арганізавалі 3 масавыя палітычныя стачкі, 10 вулічных дэманстрацый, 23 палітычныя масоўкі і маніфестацыі, якія адбыліся ў 8 гарадах і мястэчках. Найболып актыўны рух назіраўся ў Смаргоні і ў Менску. Адбылося 105 эканамічных стачак у 24 населеных пунктах. Упершыню ў барацьбу за паляпшэнне свайго становішча ўключыліся рабочыя Полацка, Слуцка, Беразіна, Свіры, Дзісны, Валожына. Ва ўмовах крызісу рабочы рух набыў пераважна абарончы характар. ’/з колькасці стачак суправаджалася эканамічным тэрорам, а болып паловы выступленняў — арыштамі іх удзельнікаў.

Рост рабочага руху выклікаў ва ўрадавых колах усё болыдую трывогу. Рэакцыя іх праяўлялася як у нерашучых і непаслядоўных спробах легалізацыі эканамічных выступленняў, так і ва ўзмацненні масавых рэпрэсій. Перавага па традыцыі аддавалася рэпрэсіям. Пра гэта сведчыла і тое, што ў канцы 1901 г. асобныя мясцовасці, у тым ліку Вільня, Віцебск, Менск, Гомель, Магілёў і ўся Віленская губерня, былі пераведзены на становішча ўзмоцненай аховы. Перад мясцовай адміністрацыяй найперш ставілася задача любымі сродкамі не дапускаць вулічных антыўрадавых дэманстрацый. У 1902 г. колькасць дэманстрацый на Беларусі знізілася да двух (у параўнанні з 1901 г.— у 5 разоў менш). Аднак палітычны стачачны рух застаўся на ўзроўні 1901 г., а ў форме масовак і маніфестацый нават узрос. Упершыню палітычныя выступленні былі праведзены ў Бабруйску і мястэчку Ляды Горацкага павета. Даволі рэзка паменшала ў 1902 г. колькасць эканамічных стачак (да 61), хаця яны і ахоплівалі 23 населеныя пункты, у тым ліку 12 новых, у якіх раней рабочы рух адсутнічаў. Некаторае ажыўленне ў мясцовай прамысловасці ў 1902 г. суправаджалася істотнымі зменамі ў характары барацьбы: удзельная вага наступальных стачак у параўнанні з 1901 г. вырасла амаль на 30 працэнтаў. Да таго ж забастоўкі сталі больш выніковымі — каля 70 працэнтаў выступленняў закончыліся перамогай рабочых. Па колькасці ўдзельнікаў эканамічныя стачкі ў 1902 г. прыблізна ў 2 разы пераўзыходзілі палітычныя[7].

Небывалы ўздым рабочага руху ў Беларусі назіраўся ў 1903 г. Першая хваля яго была звязана з днём памяці нарадавольцаў (1 сакавіка). Сходамі і маніфестацыямі гэты дзень адзначылі рабочыя 11 гарадоў і мястэчак. Другую, значна болып высокую хвалю выклікала святкаванне 1 Мая. Вясною і летам рабочыя многіх гарадоў і мястэчак Беларусі арганізавалі масоўкі і маніфестацыі, у якіх выказалі пратэст супраць яўрэйскага пагрому ў Кішынёве і салідарнасць з усеагульнымі стачкамі ў Кіеве, Адэсе, Баку і іншых паўднёвых гарадах. Усяго на Беларусі ў 1903 г. адбылося 20 палітычных стачак, у тым ліку 19 масавых (групавых і агульнагарадскіх), 22 вулічныя дэманстрацыі, 129 масовак і маніфестацый. Палітычны рух ахапіў 28 гарадоў і мястэчак і амаль зраўняўся ў гэтых адносінах з эканамічным (30 населеных пунктаў). Колькасць эканамічных стачачнікаў (8,7 тыс.) у параўнанні з 1902 г. вырасла ў 3 разы. Але хваля палітычных забастовак нарастала значна хутчэй: колькасць іх удзельнікаў за той жа час павялічылася ў 13 разоў і дасягнула 19 тыс. чалавек. У агульнай масе стачачнікаў яны складалі амаль 70 працэнтаў. У 1903 г. у палітычную барацьбу ўпершыню ўключыліся рабочыя 18 гарадоў і мястэчак Беларусі[8].

Рэвалюцыйная сітуацыя ў краіне рэзка абвастрылася ў 1904 г. у сувязі з руска-японскай вайною за кітайскія тэрыторыі. Усе рэвалюцыйныя партыі сваю агітацыйную дзейнасць так ці інакш звязвалі з вайною, выкрывалі яе антынародны характар. Пры гэтым бальшавікі заклікалі да ўзмацнення барацьбы з мэтай звяржэння самадзяржаўя і ператварэння вайны імперыялістычнай у вайну грамадзянскую. Меншавікі антываенную агітацыю звязвалі з лозунгам барацьбы за хутчэйшае заключэнне міру ў інтарэсах народа. Блізкую да гэтай пазіцыю займаў Бунд[9].

У сувязі з вайною ў прамысловасці Беларусі зноў пашырыліся крызісныя з’явы, узрасло беспрацоўе. Гэта ў сваю чаргу прывяло да звужэння эканамічнага рабочага руху. Колькасць эканамічных стачачнікаў у 1904 г. скарацілася да 4 тыс, г. зн. прыблізна ў 2 разы ў параўнанні з 1903 г. Стачкі адбыліся ў 22 населеных пунктах. Рабочыя вымушаны былі ўсё часцей абараняцца ад наступлення капіталістаў на іх жыццёвыя інтарэсы. У параўнанні з 1903 г. удзельная вага абарончых выступленняў узрасла на 19, а колькасць іх удзельнікаў — на 52 працэнты.

Палітычны рух рабочых на Беларусі ў 1904 г. перажываў відавочны ўздым. Пачатак яго абазначыўся ў лютым — сакавіку ў сувязі са святкаваннем дня вызвалення сялян, дня памяці нарадавольцаў і некаторымі іншымі падзеямі. На працягу двух месяцаў ў 17 гарадах і мястэках Беларусі адбылося не менш як 60 масовак і маніфестацый, у якіх удзельнічала каля 7 тыс. рабочых. Першамайскія выступленні ахапілі 23 гарады і мястэчкі. Адбылося 17 групавых і агульнагарадскіх забастовак, 62 сходкі і маніфестацыі, 4 вулічныя дэманстрацыі. Агульная колькасць стачачнікаў дасягнула 8,6 тыс. Летам і восенню 1904 г. масавы характар набыла арганізаваная ЦК Бунда кампанія пратэсту супраць рэпрэсій царызму ў Якуцку (суровы прыгавор палітычным ссыльным за ўзброенае супраціўленне ўладам) і Беластоку (расстрэл сходкі рабочых). У сувязі з гэтымі падзеямі амаль усе арганізацыі Бунда на Беларусі выдалі спецыяльныя адозвы. У 17 населеных пунктах былі праведзены 44 масоўкі, на якіх прымаліся рэзалюцыі пратэсту супраць акцый царызму ў Якуцку і Беластоку. Рабочыя многіх прадпрыемстваў Менска, Слоніма, Шклова арганізавалі аднадзённыя забастоўкі. У Гародні, Віцебску, Бабруйску, Магілёве, Мазыры, Пінску, Слоніме, Лядах і Парычах адбыліся адкрытыя дэманстрацыі і маніфестацыі рабочых пад лозунгамі: «Няхай жывуць якуцкія і беластоцкія таварышы!», «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Далоў паліцэйскі свавол!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!», «Няхай жыве сацыялізм!». Выступленні ў Бабруйску і Магілёве закончыліся перастрэлкай дэманстрантаў з паліцыяй. У сходах, маніфестацыях, дэманстрацыях і забастоўках, выкліканых падзеямі ў Якуцку і Беластоку, удзельнічала больш за 11 тыс. рабочых Беларусі.

Палітычны рух рабочых у 1904 г. ахапіў 44 гарады і мястэчкі Беларусі. Колькасць населеных пунктаў, ахопленых ім, павялічылася на 60 працэнтаў. У тры разы ўзрасла колькасць палітычных стачачнікаў у параўнанні з эканамічнымі. Колькасць сутычак рабочых з паліцыяй і войскам таксама вырасла — на 51 працэнтаў.

У цэлым за перыяд рэвалюцыйнай сітуацыі рабочы рух на Беларусі характарызуюць наступныя даныя. У эканамічнай барацьбе назіраліся 2 уздымы (1901, 1903 гг.) і 2 спады (1902, 1904 гг.). Па няпоўных звестках, у ёй прынялі ўдзел каля 20 тыс. рабочых. У параўнанні з 1895–1900 гг. колькасць стачак вырасла на 24, а стачачнікаў — на 73 працэнты. Калі ў другой палове 90-ых гадоў што год у сярэднім баставалі 1917 чалавек, то ў 1901 — 1904 гг.— 4975 (у 2,6 раза больш). Тэрытарыяльна эканамічны рух пашырыўся ў 2,4 раза і ахапіў рабочых 56 населеных пунктаў. У 1901 і 1904 гг. больш як 50 працэнтаў стачачнікаў былі вымушаны абараняцца ад наступлення капіталу на іх жыццёвы ўзровень. Аднак у цэлым колькасць удзельнікаў наступальных стачак дасягала 70 працэнтаў. Большасць выступленняў (60 працэнтаў) закончылася перамогай рабочых. Але ўдзельная вага стачачнікаў, якія атрымалі перамогу, складала толькі 45 працэнтаў. Амаль столькі ж налічвалася і тых, хто пацярпеў паражэнне.

Палітычны рух у форме стачак, дэманстрацый, масовак і маніфестацый у 1902–1904 гг. распаўсюдзіўся на 52 гарады і мястэчкі. У стачках прынялі ўдзел каля 34 тыс. чалавек. Па палітычных матывах штогод у сярэднім баставалі прыблізна 8,5 тыс, у той час як па эканамічных — каля 5 тыс. чалавек. Дэманстрацыйны антыўрадавы рух, нягледзячы на ўсе папераджальныя і рэпрэсіўныя меры царызму, ахапіў 24 гарады і мястэчкі. Адбылося 59 дэманстрацый з удзелам прыблізна 20 тыс. чалавек. Сапраўднай школай рэвалюцыйнага выхавання рабочых сталі палітычныя сходы (масоўкі). Амаль усе яны былі канспіратыўнымі. Па няпоўных звестках, зафіксавана каля 559 такіх выступленняў з удзелам амаль 80 тыс. рабочых. У сувязі з вулічнымі выступленнямі, найперш дэманстрацыямі, адбыліся 23 сутычкі рабочых з паліцыяй і войскам, у ходзе якіх дэманстранты аказвалі актыўнае супраціўленне карнікам, а іншы раз і нападалі на паліцыю з мэтай вызвалення арыштаваных таварышаў.

Як бачым, даволі значныя масы рабочых Беларусі пад кіраўніцтвам сацыял-дэмакратаў прайшлі ў 1901 —1904 гг. загартоўку ў эканамічнай і палітычнай барацьбе. У выніку павысілася іх палітычная свядомасць, выраслі арганізаванасць, стойкасць, дысцыплінаванасць. Распаўсюджанне рабочага руху на ўсё новыя гарады, мястэчкі, памешчыцкія маёнткі стварала перадумовы для ўцягвання ў барацьбу сялянскіх мас[10].

Літаратура

  1. Гісторыя Беларусі: дапаможнік для паступаючых у ВНУ/ Пад рэд. Каханоўскага А.Г. і інш. — Мн.: «Экаперспектыва», 1998.
  2. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.2.: Курс лекцый / Крэнь І.П., Коўкель І.Т. і інш.. — Мн.: РІВШ БДУ, 2000.
  3. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1.- Мн.: «Беларусь», 1995.
  4. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Новіка Я.К., Марцуля Г.С. — Мн.: Універсітэцкае, 1998.

[1] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Новіка Я.К., Марцуля Г.С. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — с.341.

[2] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1.- Мн.: «Беларусь», 1995. — с.360.

[3] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Новіка Я.К., Марцуля Г.С. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — с.341-342.

[4] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1.- Мн.: «Беларусь», 1995. — с.360-361.

[5] Гісторыя Беларусі: дапаможнік для паступаючых у ВНУ/ Пад рэд. Каханоўскага А.Г. і інш. — Мн.: «Экаперспектыва», 1998. — с.257-258.

[6] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1.- Мн.: «Беларусь», 1995. — с.360-363.

[7] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1.- Мн.: «Беларусь», 1995. — с.376-378.

[8] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1: Вучэб. дапам. / Пад рэд. Новіка Я.К., Марцуля Г.С. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — с.352.

[9] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.2.: Курс лекцый / Крэнь І.П., Коўкель І.Т. і інш.. — Мн.: РІВШ БДУ, 2000. — с.89.

[10] Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 1.- Мн.: «Беларусь», 1995. — с.378-379.

Похожие работы